АПТЫ́ЧНЫ ЗА́ПІС,
сістэма запісу і ўзнаўлення інфармацыі, заснаваная на выкарыстанні аптычнага выпрамянення. Пры запісе аптычнае выпрамяненне, мадуляванае сігналамі інфармацыі, што запісваецца, уздзейнічае на аптычны носьбіт даных (фотаплёнку, аптычны дыск, фотахромны матэрыял, ферамагн. плёнку і інш.) і стварае ў ім устойлівыя лакальныя змены фіз. уласцівасцяў (каэф. адбіцця ці паглынання, колеру, намагнічанасці і г.д.), адпаведныя зыходнаму сігналу. Пры ўзнаўленні адбываецца адваротны працэс: счытвальны прамень пры ўзаемадзеянні з носьбітам мадулюецца па інтэнсіўнасці і потым з яго вылучаюцца сігналы інфармацыі. Па спосабе запісу адрозніваюць сістэмы фатаграфічнага запісу, галаграфічнага (гл. Галаграфія), сістэмы з запісам на аптычных дысках і інш. Існуюць аналагавы аптычны запіс, пры якім фіксуюць усе значэнні ўваходнага сігналу ў пэўным дыяпазоне частот, і лічбавы, пры якім уваходныя сігналы падлягаюць квантаванню (дыскрэтызацыі), а затым пераўтвараюцца ў двайковыя лічбы для запісу на носьбіце (у выглядзе кода).
т. 1, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)